Главная • Вверх • Новости • Фонд • Краеведение • Детская страничка • Для сельских жителей и специалистов

 

«І фарбамі спяваць паспрабавала…» Соф’я Шах – мастачка

 

Ты пишешь красками теперь,

а не словами.

К тебе картины, верь — не верь,

приходят сами.

То хатка мамина придёт,

иль просто — мама

всё так же полет огород,

трудясь упрямо.

То вновь из детства — блеск и плеск —

вплывает Виша,

то, вся приметная окрест,

ликует липа.

То хлынет, будто бы тайком,

забытым летом

ночь с не погасшим костерком,

в стихах воспетым.

Вновь мама в комнате, в саду.

Опять — дочурка...

И стены бликами цветут —

горит печурка.

А детство смотрится в окно,

где никнут ивы,

и те, кто умерли давно, —

как будто живы.

 

 

29 лістапада 2007 года  Соф’я Шах адзначыла сваё 60-годдзе. У гэты дзень на ўрачыстым мерапрыемстве, якое адбылося ў карціннай галерэі “Традыцыя”, для шматлікіх гасцей  стала нечаканым сюрпрызам, што Соф’я Мікалаеўна сустрэла іх выставай карцін, аўтарам якіх з’яўляецца яна сама.

 

Кожная выстава мае сваю прадгісторыю. Але гэтая - асаблівую. На-ват калі прывезлі экспазіцыю ў карцінную галерэю, то ніхто з супрацоў-нікаў, якія выдатна ведаюць аўтара, і падумаць не маглі, што 130 розна-жанравых жывапісных карцін: партрэтаў, нацюрмортаў, пейзажаў, тво-раў бытавога жанру - плён яе таленавітых намаганняў. Ды і як магло быць інакш, калі да гэтага часу ніхто, акрамя хіба дырэктара галерэі, ніводнага мастакоўскага твору Соф'і Шах не бачыў.

Сенсацыйнай была не толькі падзея, але і выстава адпавядала сенсацыі. I справа нават не ў колькасці карцін, якія занялі тры галерэй-ныя залы, а - у дзёрзкасці задум, пераканаўча ўвасобленых-беларус-кай паэтэсай. Уявіце сабе: яна пасмела напісаць партрэт Гаўрыіла Ваш-чанкі («Мастак»), якога мы бачым на заснежанай набярэжнай Светлагорска. Пазнавалі Гаўрыіла Харытонавіча здзіўленымі ўсклікамі. Зрэшты, і маладога на той час старшыню гарвыканкама, а цяпер губернатара Гомельскай вобласці А.С. Якабсона -таксама.

А яшчэ - партрэтныя ўвасабленні маці («Мама», «У сваім садоч-ку», «Нарэшце мама прысела», «Маміна раніца», «Мамін клопат», «Раз-вітанне»), дачкі («Дачушцы 5 гадкоў», «Маміна памочніца», «Студэн-тка», «Усмешлівая дзяўчынка», «Дачушка - мама» і інш.), унучкі («Кнігалюбка») і аўтара гэтых радкоў («Юнацтва Славы Катлярова», «Ён - да нашай эры», «Наша эра»). Або ўявіце жывапісны твор «Праз поры года». Мы бачым дарогу, якая сапраўды пралягае праз усе поры года, пачынаючы з зімы і заканчваючы ёю. Але як пластычна падпарадкоўваецца мяккая шматкаляровасць агульнай задуме! Нават сама дарога становіцца ўвасабленнем змен прыроднага часу. Пэўным чынам гэты твор пераклікаецца яшчэ з адным - «Ліпай маленства». Перад намі векавое дрэва, на кроне якога чаргуюцца тыя ж самыя - ад вясны да вясны - поры года.

Аказалася, што Соф'я Шах і ў жывапіснасці ўмее быць надзвычай лаканічнай. Карціна «Спрадвечнае» глядзіцца амаль графічна. У мяккім, але ўсё ж нейкім трывожным надвячорку выразна праступаюць магутныя дубы. Адзін з іх, ссечаны маланкай, засох. Не дапамагла і родная глеба...

А якое хараство высвечвае «Ліхтар дзяцінства»!? Заснежаная родная вуліца мастачкі ў гарадскім пасёлку Азарычы нібыта і сапраўды зачаравана вечаровым электрычным асвятленнем, у якім узнікае тра-пятлівае адчуванне казачнасці. Такім жа адчуваннем таямнічасці прасякнута і карціна «Зоркі маленства». Зрэшты, сама мастачка вельмі сціпла паставілася да сваіх твораў. Таму і называлася выстава гэтак жа сціпла: «I фарбамі спяваць паспрабавала...». А яшчэ аўтар як быццам просіць прабачэння удакладненнем на афішы - «Жывапіс па-этэсы».

Зрэшты, кампазіцыя выставы прадумана вельмі дакладна. Яна падзелена на тры часткі, кожнай з якіх адведзена галерэйная зала. Першая - «Там, дзе, мы ёсць». Увасоблена тое, што акружае нас мена-віта зараз, што знаходзіцца ў цяперашнім часе. I гэта адлюстроўваюць такія карціны, як «Вясёлка над Бярэзінай», «Каралева зімы», «Віша-Вішанька - цяпер», «Цвіце бэз у ваколіцах Чавус», «Памкнёнасць», «Рэчка Бася» і іншыя. Мілыя краявіды са стажкамі, бярозамі, кветкамі, бліжнімі і дальнімі хаткамі, адлятаючымі жураўлямі...

Другая зала - «Там, дзе нас няма» -Мінулы час маленства, юнацтва, які ніколі больш не паўторыцца. Толькі фарбамі ўзнаўляецца «Вулачка маленства - Піянерская», «Родная школа», на фоне якой ледзь бачна праступае воблік самой, тады яшчэ школьніцы, Соф'і Шах, «Ліпкі на Першамайскай», «Журботная прысутнасць» (гэткі ж ледзь бачны воблік мамы над пакінутым, пасаджаным ёю садам), «Бусліны рай», «Сад чавускага маленства», «Пастушка» і іншыя.

Калі першыя дзве часткі часавыя, то трэцяя адведзена сапраўды стыхіі колераў. Гэта акварэлі, манатыпіі, малюнкі алоўкам. Зрэшты, мяркуйце па назвах: «Каляровыя загадкі», «Таямнічыя травы», «Кры-ніцы агню», «Рамантычны дзень», «Марскія ілюзіі», «Вясёлкавая на-вальніца», «Веерны шлях», «Паўднёвае ззянне» і іншыя.

Нам застаецца толькі дадаць, што Соф'я Шах усе 15 гадоў існавання карціннай галерэі была ў ёй пазаштатным супрацоўнікам, знаёмілася не толькі са шматлікімі экспазіцыямі, але і з іх аўтарамі. Вось дзе яе школа, вось дзе спакваля адбывалася далучэнне да мастацтва. Між іншым, калісьці толькі так і выхоўваліся мастакі, пераймаючы вопыт сталых майстроў.

Адкрыццё ж выставы супала з юбілеем паэтэсы. Па-сапраўднаму ўзнёсла яе віншавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Валянціна Кавалёва, старшыня Светлагорскага раённага са-вета дэпутатаў Галіна Філіповіч, начальнік аддзела адукацыі райвыкан-кама Людміла Вялічка, намеснік начальніка аддзела культуры Валян-ціна Ліпніцкая, генеральны дырэктар РУП «СВА «Хімвалакно» Васіль Касцюкевіч і іншыя. Прыехалі павіншаваць сваю зямлячку і настаўнікі Азарыцкай раённай гімназіі на чале з дырэктарам Таццянай Цяцерыч.

Спроба спяваць фарбамі ўдалася. Мастакоўскіх заслуг у паэтэсы аказалася нечакана шмат. Але галоўная яшчэ і ў тым, што яна - мая жонка.

Ізяслаў Катляроў

  

 

  

 

Художница... .Теперь ты ею стала,

но поэтессой продолжаешь быть.

Чтоб красками бумага расцветала,

ты прошлое не можешь позабыть.

И хатку вспоминая, возвращаешь,

в которой детством всё ещё живёшь,

и маму не рисуешь — воскрешаешь...

Вновь прошлого, как будущего, ждёшь.

Вдруг облаков разбрасываешь пену,

да так, что солнцу только и видна.

Мне школьную показываешь стену,

где ты, сияя, смотришь из окна, —

туда, где так дуплисто дышит липа,

где сажалка вся бликами цветёт,

где всё ещё как будто либо — либо,

но жизнеобещанием зовёт.

 

 

 “Вясёлкавая навальніца” (2000 г.)

 

 “Мройная пара” (2000 г.)

 

 “Нарцысы” (2003 г.)

 “Званочкі” (2003 г.)

***

 

Зноў душа засумавала

па табе, мая ты дзетка,--

зноў мы бачымся так мала,

зноў мы бачымся так рэдка.

Што – ў тваіх у марах-планах,

хто – у думках і чаканнях?

У якіх неспадзяваных

прападаеш ты ваганнях?

Я не знаю анічога

пра цябе, мая гарушка,--

знаю толькі, што наогул

ты – харошая дачушка.

 

 

"Дачушка" (2003г.)

 

***

 

Жыццё ўсё – вось яно, у фарбах,

тут не трэба нават і гадаць:

лёс твой,--ён зусім табе не сябра,

быў мо сябрам у гадочкаў пяць.

А пасля маленства – не маленства,

дый юнацтва спалена вайной.

І хоць вочы тояць летуценства,

ўсё адно маркота за душой.            

Лёс і ўвогуле зрабіўся доляй,--

ён не чуе, што так просіш ты.

І нічога не паслабіць болей

за плячамі колер чарнаты.

 

 

"Мама" (2003г.)

 

***

 

Нібы чуюцца веснія воды,

нібы ў высях жаўронак звініць,--

столькі ў лютаўскім сонцы лагоды,

гэтак снег у апоўдзень зіхціць.

Дзень высокі, бязмежны у промнях,

і так лёгка дыханню майму,--

я мінулыя зімы ўсе помню,

не забуду і гэту зіму.

На мяжы пораў года адзначу,

патанаючы ў моры святла:

а зіма была ўсё-такі ўдачнай

і шчаслівай усё-ткі была.

 

 

"Дарога ў світанак" (2003г.)

 

***

 

А вось і хата, хатачка мая

пад хоць старой, ды тоўстай чарапіцай,

а побач  ліпа і буслоў сям’я,--

было мне часу там на іх дзівіцца.

Мая хаціна, хатачка мая,--

вось зараз мама выгляне ў акенца,

убачыць, што стаю на вулцы я,

і, заўсміхаўшыся, расчыніць сенцы.

Мая хацінка, хатачка мая,

вось насцеж і старэнькія варотцы...

Тут свой парадак, ісціна свая,

і нумар “5” трымаецца штомоцы.

 

 

"Піянерская – вулачка маленства" (2003г.)

 

***

 

Партрэт ўзнёсла Майстар напісаў,

і напісаў якраз у лістападзе,

калі на месца і лісця, і траў

паспрабаваў снег падаць у азарце.

Якраз у лістападзе... Як бы знаў,

што месяц асаблівы і па праўдзе

 хаця б мо тым, што зноў магчымасць даў     

яго адчуць ва ўсёй яго спагадзе.

І вось партрэт... О, фарбаў уладар,--

ён сатварыў адну з адметных мар,

і простае падзякі надта мала.

Ў адказ (ну а яшчэ іначай як?!)

рашылася аднойчы ўсё ж – і так

яго партрэт стварыць паспрабавала...

 

 

"Мастак" (2003г.)

 

***

Ці вясна тут, ці восень, ці лета,

а здаецца,-- заўсёды зіма.

Зазначае прыкмеце прыкмета,

што тут нават і сонца няма.

І няма, і не будзе ніколі,--

сад надзею ўжо страціў даўно.

Не з’яўляцца святлу тут у голлі,--

тут галлю толькі сніцца яно.

Анікога на доле самотным,

анікога між згорбленых дрэў,

толькі цені на гурбах сумётных,

толькі сцюжы ледзь чутны павеў.

Толькі дзесь між вяршыняў скалелых

ледзь прыкметныя рысачкі той,

што жывіла сабою свет белы,

покуль доля шчэ ладзіла з ёй.

 

 

 

“Журботная прысутнасць” (2003 г.)

 

***

Зоркі над полем радзімым,

зоркі над месцейкам тым,

дзе мае леты і зімы

сталі маленствам маім.

Дзе мае восені, вёсны

апякавалі душу

так, што ў жыцці і дарослым

іх апякунства нашу.

Зоркі над полем шырокім...

Столькі прамчала гадоў,

а ў мігаценні высокім

той жа – жывы перазоў.

І, затаіўшы дыханне,

так у тым бляску стаю,

што ўжо і сцежку вяртання

ў свой даўні час пазнаю...

 

 

 

“Зоркі маленства” (2003 г.)

 

    ***

              

Перш зелянела тонка па вясне,

а потым з выраю буслоў страчала,

а потым пчол з усіх канцоў збірала,--

той водар смачным быў не толькі мне.

Пасля губляла колер спакваля,

губляючы, урэшце, і лістоту,

калі шаптала караням зямля

пра недзе блізкую маркоту-слоту.

І надыходзіў зябкі лістапад,

і ліпу працінаў дажджом ды ветрам,

і разумеў дзіцячы мой пагляд,

як холадна ўзвышацца па-над светам.

Пасля снягі гарнулі ў свой палон,

і сніла ліпа, стоячы ў здранцвенні,

што то зусім не гул вятроў чуцён,--

то пчол над кветам новае кружэнне.

 

"Ліпа часу" (2004г.)

 

***

 

Хачу, каб доўга-доўга

прасторамі зямлі

вяла жыцця дарога –

і мы на ёй былі.

Каб сустракалі ўзнёсла

усе да аднае

і суджаныя вёсны,

і зімачкі свае.

Каб нашыя ўсе леты

да новых летаў дзесь

імкнулі і праз беды,

і праз іспыт увесь.

А восені наогул

не мелі каб канца

і значылі дарогу

па міласці Тварца.

 

 

"Праз поры года" (2004 г.)

 

***

Дзень мінуў – і птушкі сціхлі,

вецер некуды зляцеў,

толькі воблакі не зніклі,--

іх сагнаць ён не здалеў.

Толькі водбліскі прамення

шчэ ўздымаюць небасхіл

ды варожаць скрытна цені

на задумлівасці хвіль.

Ды імкнуць адлюстраванні

надвячоркавай парой

спалучыць і хваляванне,

і паглыблены спакой.                    

І пацвердзіць чуйным веццем,

лонам траў, святлом вады,

што было, што ёсць, урэшце,

і што будзе праз гады...

 

 

"Спрадвечнае"  (2005г.)

 

***

 

Папасвяціў у цьмянае акно,

пападражніў святлом сваім ціхмяным,

і не здавалася тады яно

сляпою цемраю абмежаваным.

І не здавалася святло тады

звычайным, проста на слупе ліхтарным.

У ім як быццам бы і сапраўды

якаясь магія снавала тайны.

У ім і кроны дрэў, і хаты ў ім,

бы казачныя, раптам ажывалі,

а цені іх дык, помню, і зусім

загадкавыя рысы набывалі.

Ці лета, аці восень, ці зіма,--

зімою... о, зімою асабліва

снягі свяціліся, мякчэла цьма,

бы сам ліхтар і быў тым дзівам.

 

 

 

"Ліхтар маленства" (2005г.)

 

***

 

Юнак з чупрынай кучаравай,

так цесна ў кепачцы якой,

заняты, бачна, важнай справай,--

ён будні прысвячае ёй.

Яму і вецер – спадарожнік,

яму і сонца – як сябрук,                        

а на шляху – густы сасоннік,

а на шляху – шырокі брук.

То луг, то рэчанька, то поле,--

радзімы вокал краявід...

У небе хмаркі, цень на доле,

ў руках цяжкі тэадаліт.

Вось зараз хлопец зрок скіруе

ў тэадалітны акуляр –

і ўбачыць даль, дзе лёс шчыруе

паміж здзяйснення мар.

 

 

 

"Юнацтва Славы Катлярова" (2005г.)

 

***

Няможна вяртацца туды,

дзе час быў і горкі, і ўсцешны,--

там зараз не тыя гады,

там зараз тупік непазбежны.

Тупік, небяспечны тупік

для радасці і для спакою.

А згадкі ці браць у разлік,--

ім – воля, працятым журбою.

Прасочацца там, дзе ступіць

ніяк немагчыма без скрухі,

дзе шчыльнай сцяною стаіць

дух вельмі ўдаўнелай разрухі.

дзе ўпрэшся адразу ў адчай

і станам усім беспрасветным

адчуеш жыцця голы край

з яго нерухомым паветрам.

 

"Без назвы" (2005 г.)

 

***

Заслужыла лета, безумоўна,

і яму – вось гэтая карона

за святло, што не скупым было,

за своечасовае цяпло,

за дажджы, за яркія вясёлкі,

за рулады-высвісты салоўкі,

за бусліны, жураўліны лёт,

і канешне, за пчаліны мёд.

Заслужыла лета, заслужыла,

хоць даймала камарамі, пылам.

Гэта браць не будзем у разлік,--

што ні месяц – існа чараўнік.

 

 

        “Карона лета” (2005 г.)

 

***

Ты – малая, а я – маладая

і так хораша нам удваіх.

Шчэ бабулечка Луша жывая,

дзед Мікола ў клапотах сваіх.

Ну а нашы з табою турботы

ужо зрання рассейваюць змрок:

мне – у школу (свае там прыгоды),

а табе – у дзіцячы садок.

Вечарамі ты – ў кнігі, я – ў сшыткі,

ты – у цацкі, я – ў планы, і час

шчэ шкадуе як бы ўвачавідкі

карпатлівых сябровачак – нас.

Так жывём між уцех і адчаяў,

тулім душы адна да адной

і не ведаем, не уяўляем,

што чакае за нейкай мяжой.

 

 

“Аўтапартрэт з дачушкай” (2007 г.)

 

***

Знаць, у сонца шчодрасці хапала,

так, хапала з самае вясны,

знаць, і глеба нескупою стала,--

удаліся ў той год кавуны.

Удаліся, сокам наліліся,

увабралі шчырасць прамянёў,--

нават блікі жніўня засталіся

на тугіх пакацінках бачкоў.

Так і свецяцца паміж сабою,

споўненыя існасцю адной:

што не толькі знешняй пекнатою,

вабныя – яшчэ і нутраной.

 

 

 

“З ураджаю 2002 года” (2007 г.)

 

   ***

Была часіначка, была

у безбярэжным часе,--

жыла хаціначка, жыла

і ладкавала, як магла,

сваё зямное шчасце.

Лавіла з неба прамяні

ў маленькія акенцы,

сама пры кожным Божым дні

ўсё ж досыць мела цеплыні

ў пячным сваім у сэрцы.

Ды ціслі моцненька гады

(мо так праз чарапіцу?),

і скрушны снег лёг назаўжды

на ўжо і духам кут пусты,

на хворую зямліцу…

 

 

 

“Самотная памяць” (2010 г.)

 

***

Хоць малая, ды ўсё-ткі – была,

ўсё ж сядзіба стаяла на свеце,

а цяпер – ні двара, ні кала,--

кучка смецця.

Сцены, столь і падлога – былі,

пелі-рыпалі дзверы ў імпэце,

а цяпер на радзімай зямлі –

кучка смецця.

І цяпло, і святло тут – было,

дух пячны меўся ў кожным прадмеце,

а цяпер,-- дзе карпела жытло,--

кучка смецця.

Кучка смецця заместа ўсяго,

што расціла, жывіла надзеі…

Кучка смецця, ды час і яго

ўсё ж развее.

А што ўсё-такі не размяце,

што не здолее ўзняць за сабою,

тое следам навек зарасце

глуш-травою.

 

“Дзе стаяла хатка” (2011 г.)

***

Зараслі тут нашы вёсны,

зараслі тут нашы леты,

утравелі мары-крозы,

утравелі скрухі-беды.

Утапталіся былыя

ўсе дзіцячыя гадочкі –

дні-дзянькі ўсё скрозь даўгія,

некароценькія ночкі.

Зоры, промні, промні, зоры,--

столькі золата і срэбра

умяшчаў, не ведаў зморы

гэты сажалкавы бераг.

Хто цяпер дакладна скажа,

што была пара такая?..

Зарасло маленства наша.

Зарасло… і зарастае…

 

 

 

   “Заросшая сажалка” (2012 г.)

 

***

Дзесьці там Лясец і Салавейкі,

дзесьці там шчэ незнаёмы Светлагорск…

Я – у полі, я – у полі гэткім,

што губляю і зусім ужо свой рост.

Горкае дзяўчо, стаю знямела,

а вакол, куды зрок толькі дастае,

поле фарбы жнівеньскай, зрыжэлай,--

і не дзіва нат аслепнуць ад яе.

Поле, пазалочанае летам,

за смугой дзесь пагубляла берагі,

і з якімсьці велічным імпэтам,

быццам вартавыя, высяцца стагі…

Я стаю,-- а дых ажно займае,

быццам і ў яго дух велічы пранік

ад мясціны, што спрадвеку мае

назву прыцягальную – Пчальнік.

 

 

 

 “Пчальнік маленства” (2004 г., 2012 г.)

 

***

Восеньскія далі, восеньскія хаткі,

восеньскае неба абдымае дол,

і паветра тоіць восеньскія згадкі

ў гэтай афарбоўцы – рыжай і рудой.

Карані ўжо стынуць, халадзеюць кроны,

сцежкі запляліся вялаю травой,

і зямны прамежак, шчэ нядаўна ворны,

падуладны зараз гэтаксама ёй.

Восеньскае ўлонне, восеньскія думы,

час сяйва ў мінулым, там час і жніва,

ды відочна гоіць восеньскія сумы

купалоў зіхценнем  чуйная царква.

 

 

 

“Восеньскі пейзаж” (2012 г.)

 

          ***

Прамчалі дзесяткі гадоў з тых часін,

прамчалі, мінулі з запалам,

а вось жа між іншых лясецкіх хацін

бабуліну хату пазнала.

Успомніла памяццю прагнай душы,

напружана ўзрушаным зрокам,

сышоўшы з шумлівай, гудлівай шашы

да матчыных ціхіх вытокаў.

Ну вось яно, селішча, спраўна куды

малечай з Азарыч хадзіла…

Ігрушы ўсё тыя ж і нават кусты,

што баба за векам садзіла.

І вокны, і дзверы ўсё тыя ж, і двор,

і стопка, і хлеў усё той жа,

а там – агарод, а за ім – шыр-прастор,--

разлеглае далі раскоша.

І сонца такое ж, і колер нябёс,

аблокі – і ніжай, і вышай…

А двор бадыллём, агарод ім зарос,

засціснута селішча цішай. 

 

 

 “Бабуліна хата” (2012 г.)

Главная | Вверх