Главная • Вверх • Новости • Фонд • Краеведение • Детская страничка • Для сельских жителей и специалистов

 

 

Беларуская, родная мова,

Мiлагучны, жывы гаварок...

Дай жа Бог, каб ніякая змова

не муціла твой чысты выток!

С. Шах

 

 

Паэзію Соф’і Шах можна параўнаць з райскім дрэвам – прыгожым і неўвядальным. Міжволі ўяўляеш, якія моцныя карані ў гэтага дрэва, якая шырокая яго крона з мноствам галін і галінак, з водаравым цветам…

Дрэва паэзіі С. Шах бярэ сокі ад роднай зямлі, а вершаліна яго шуміць у зорным сусвеце, шэпча пранікнёную малітву нябёсам.

 

 

***

Паспрыяй, растрывожаны лёс,

у акрэплым напрамку жадання –

пачынаць клапатлівае ранне

пад высокай лагодай нябёс.

 

Абнадзейвай цікаўны пагляд.

Ён агучаных колераў споведзь

прагавіта чакае і ловіць

і не млее з-за дробязі страт.

 

Захавай жа, мой лёс, вышыню!

Мне цягнуцца, цягнуцца адчайна

да яе чысціні незвычайнай,

прад якой лепш памру, чым зманю.

 

***

Ах ты, любая, глыбокая!

Ах, чарговая мая!

Зноў дажджы твае шырокія

зрокам-слыхам пешчу я.

 

Зноў вятры твае арганныя

забіраюць сэрца ў даль,

зноўку дні твае туманныя –

нібы мой таемны жаль.

 

Ранне, вечар, ноч бяззорная,

ранне, вечар, ноч ізноў…

Што паўторна-непаўторнае

у табе мой дух знайшоў?

 

Ах ты, восень, восень-восенька!

Ах, мая дарэшты ўся, -

з ветрам, слотай, голым голлейкам

на сярэдзіне жыцця!

 

***

Так хораша ля Вас, так непаўторна

душа мая шчаслівая гучыць,

што хочацца ў натхнёнасці прасторнай,

як хочацца мне з Вамі доўга жыць!

 

Найдоўга-доўга, колькі сонца будзе

вось гэтую зямельку саграваць…

Найдоўга-доўга, колькі ў зорным гурце

дзве нашы зоркі будуць нам спрыяць…

 

Ну столькі доўга, колькі дасць нам Божа

між гэтых родных сцежак, траў і дрэў

адну мець запаветную раскошу:

выношваць, выдыхаць, вышырваць спеў.

 

***

І што я ні скажу, што ні зраблю,

хіба раскрыю існыя вяршыні,

святліць якія Госпада малю

і гэты ўвесь прасцяг блакітна-сіні?

 

Высокасць узаемадабрыні,

ўзаемаразумення, захаплення, -

чым далей – тым і болей вышыні

між намі спеўнага адухаўлення.

 

Якія словы?! Што – ўзрушэнне дум?!

Ні голасам не перадаць, ні шэптам,

калі так боска нашым душам дзвюм

і ў гэтым свеце, й недзе па-за светам…

 

***

Скончылася лета з даччыным ад’ездам

на пачатку жніўня ў мроіве пярэстым…

 

Азірнуся вокал – ці была са мною?

Зноў яна далёка, зноў сама з сабою…

 

А была між кветак, між бяроз-бярозак, -

у лісцёвых шэптах чую адгалосак.

 

А была між спеву птушак мімалётных,

між вятроў-павеваў, водараў лагодных…

 

Скончылася лета – зоры адзіхцелі

і ў рацэ прыкметна хвалі пасівелі.

 

***

Як хачу цябе пабачыць,

чуе мо адзіны вецер,

што гулліва шчокі лашчыць

і віецца ў маім шэпце.

 

Чуе-чуе мімалётам,

цешыць-поўніцца прыветам, -

толькі што – яго лагода

на зыходзе майго лета!

 

Ты далёка, так далёка,

што калі да твайго краю

даімчыць ён жвава-бойка,

то ўсё роўна схаладае.

 

І не скажа, не зазначыць,

збіты далечавай хваткай,

як хачу цябе пабачыць,

маё роднае дзіцятка.

 

***

А мне і гэта трэба перажыць,

пераадолець мне і гэта трэба:

клін жураўліны ў цёплы край ляціць

і дзеліць напалам прастору неба.

 

І я гляджу-ўзіраюся да слёз

у слепкія, праменныя вышыні, -

ляціць – а скрушных крыкаў адгалос

і блізі ахапіў, і далячыні.

 

Ад іх "курлы" ратунку ўжо няма,

ад іх "курлы" такое дно адчаю,

як быццам гэта я сама, сама

насупраць волі край свой пакідаю…

 

***

Як пасуе радзімым абсягам

гэты колер асенняй пары,

калі ўрэшце над полем, над шляхам

толькі хмары наўсцяж ды вятры.

 

Калі ў далечы дзесь за туманам

выспявае скупое святло

і кладзецца на колер ціхмяна,

каб у ім ранне ўзняцца магло.

 

Каб уволю ў ім дзень мімалётны

і нацешыўся, і адвіднеў,

абдымаючы вырыс маркотны

безлісцёвых кустоўя і дрэў.

 

Каб, нягледзячы на схаладаласць,

ўзлескі сведчылі і паплавы:

ў шэрым колеры ёсць-такі вабнасць,

ад якой ён заўсёды жывы.

 

***

Якія маленькія дні…

Якія шматлікія справы…

А колькі пустой мітусні…

А колькі нядобрай праявы…

 

І зноўку сябе не ўмясціць

між раніцай і надвячоркам, -

так час відавочна бяжыць,

што змрок бы мяжуе са змрокам.

 

Сутонне світальнай пары

Як бы – ля сутоння начнога,

і зоркі то мруць угары,

то зноў нараджаюцца строга.

 

Сігнальныя быццам агні

між берагам левым і правым,

дзе трэба ў маленькія дні

уціснуць вялікія справы.

 

***

Я ж не прашу жыцця спачатку,

жыцця ў тых - Божа мой! – гадах,

дзе я, малеча, анігадкі –

у мамы роднай на руках.

 

Я ж не прашу жыцця і потым,

тым болей потым не прашу,

калі між слоты і мярзлоты

паліла-сцюжыла душу.

 

Мне б толькі час той і наведаць,

матульку родную сустрэць

і тое ўсё пабачыць-зведаць,

што шанцавала колісь мець.

 

Мне б толькі край той і паслухаць

ды пакаянна пахадзіць

там, дзе цяпер звышціша-скруха

і трошкі не дае пабыць.

 

***

Адкрытым тэкстам мушу гаварыць,

адкрытым і звычайным, ды не вузкім:

найлепшы край, дзе так шанцуе жыць,

заўсёды быў і будзе беларускі.

 

Ні слых век не нацешыцца, ні зрок

у здзіўленым памкненні, у адзіным:

найлепшы кут, адкуль душы выток,-

Азарычы, пасёлак мой радзімы.

 

За адкрыццём прыходзіць адкрыццё,-

маленства зараз бы навідавоку:

найлепшай вулачкай на ўсё жыццё

мне стала Піянеская ў пасёлку.

 

І як бы лёсу ні круціў віхор,

якія б далі ні дарыў на свеце,

а поле, што за вулачкай,- прастор

маёй душы і нават пасля смерці.

 

***

Опять меж веками проносится ветер

сквозь ветви деревьев, цветы и кусты,-

то горестно-мрачен, то радостно-светел

в просторах небесно-земной широты.

 

Проносится ветер – бушуют вершины

и тычутся-гнутся, стремятся вослед,

но властью песка, нерушимостью глины

для этих стремлений свободы им нет.

 

Проносится ветер – и падают травы,

и стелются, словно в покорной вине.

Куда им, смиренным, податливо-вялым?!

Одно что, желтея, остаться в копне.

 

Проносится ветер – лишь вольные тучки

смогли превозмочь всю высотную стынь,-

летят и летят в тот зенит, эхом гулкий,

где ярче рассветная синь…

 

перевод с белорусского И. Котлярова

 

Главная | Вверх